У кожнага чалавека – свая родная мова. Так гучаў лейтматыў мерапрыемства, што адбылося ў ВДУ ў Міжнародны дзень роднай мовы. Ва ўтульным файе другога паверха галоўнага корпуса ўніверсітэта сабраліся студэнты, навучэнцы ліцэя, выкладчыкі, супрацоўнікі і госці нашай установы вышэйшай адукацыі, каб разам адзначыць гэтае свята. Арганізатарам імпрэзы выступіў факультэт гуманітарыстыкі і моўных камунікацый пры садзейнічанні аддзела студэнцкай творчасці і культурна-забаўляльнай дзейнасці, а таксама студэнтаў факультэта навучання замежных грамадзян.
Да прысутных звярнулася рэктар нашай альма-матэр, доктар эканамічных навук, прафесар Валянціна Багатырова. «Сёння мы адзначаем важную дату – Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта свята і студэнтаў з КНР, і з Узбекістана, і з Туркменістана, і з Йемена, і з Лівана, і з Ірака – усіх тых, хто знайшоў сваё месца ў дружнай сям’і машэраўцаў, – адзначыла Валянціна Васільеўна. – Я упэўнена, што ўсе мовы вельмі прыгожыя. І калі мы з вамі «забруджваем» маўленне чужымі для нас словамі, то прымяншаем значнасць нашага культурнага славянскага кода». У гэты дзень у прысутных была ўнікальная мажлівасць пазнаёміцца з народнай моладзевай гульнёй «Яшчур», якая была распаўсюджана на Пастаўшчыне ў мінулым стагоддзі, а сёння адноўлена ўдзельнікамі фальклорнага калектыву вёскі Гута і ўваходзіць у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Дапоўніла святочны настрой інсцэніроўка беларускай казкі «Каза ў арэхах» у сучасным музычным афармленні. Пад фінальную песню «Сланечнік» карагод вадзілі не толькі артысты, але і гледачы.
Дата публикации: 24.02.2023